Пераклады.ру

Пераклады беларускіх вершаў

Буслы

Яшчэ не ацэнена
                                      Віктару Жаку

Гняздо — каронай над бярозаю.
Над хутарам счарнелым стылі
з бусліхай бусел, нібы ў роздуме,
бяздумна-сумна й артыстычна.

Гняздо над заглушшу прышпілена,
як указанне Віфлеема,
дзве Шыі слодыччу знясілены.
Так дзве змяі над чашай ззвілены
у медыцынскую эмблему.

Забіла забыццё ўладарна
гняздоўе ўнізе гаспадарскае.
Зруб згніў. Без працы бусел госціць.
Як адарыць мілосцю здарыцца,
дык трэба адарыць — кагосьці.

Яшчэ ўсё Беларусь замроена:
не адрадзіла сем’і згіблыя.
Без іх і птушкі абяззброены.
А раптам і яны без цыбліка?..

...Аднойчы неяк спадарожніца
з дарогі ў дождж глухі саб’ецца,
ад ласкі неба, асцярожнае,
пад сэрцам дзіва ў ёй заб’ецца.

Сваё абмацваючы цела —
нібы запалкі ўсё шукае —
світальна скажа: «Заляцела,
Вам прынясу, буслы, сынка я».

Аўтар пераклада: 
Рыгор Барадулін
Пакінуць водгук