Пераклады.ру

Пераклады беларускіх вершаў

Сінь

Яшчэ не ацэнена

Мяне ў Палессе занясло.
Там за пагоркамі, лясамі
Ёсць беларускае сяло
З вяснова-сінімі вачамі.

З вядром дзяўчынка ля ракі
Ступае босай па адхоне.
Нібы блакіту аганькі,
Абпаляць вочы з-пад далоні.

У шыняльку — о хват-салдат! —
Мужчына тупае ў адрыне.
Гукні — узніме ён пагляд
З глыбокай, бы ў азёрах, сінню.

Брыдзе старая праз ільны
З грыбамі, кульбаю крывою,
А вочы — поўныя яны
Блакітнаватага спакою.

Пяць каля плота маладух
Крычаць, пляткараць, уздыхаюць.
А вочы — захлынае дух! —
Так яркай сінню палыхаюць.

Дзяўчаты! Толькі позірк кінь —
Бянтэжлівыя чарадзейкі,
Пачырванеўшы, дораць сінь,
Як запаветны скарб, праз вейкі.

Аўтар пераклада: 
Рыгор Барадулін
Пакінуць водгук