Пераклады.ру

Пераклады беларускіх вершаў

З адведзін Беларусі

Яшчэ не ацэнена

* * *
недзе ў краі
зніклых журавін
і самотнага жураўля
дзед падобны да дзеда Талаша
вымудрае на вокны ліштвы
нож раскашуецца ў дрэве
плятуцца карункі
тонкае дзявоцкае ўмельства
і дзед з прыжмурам падміргне падарожнаму
кідаючы:
прыемней сонцу ўвайсці ў хаціну
акно — гэта ж дзверы святла

* * *
бадзёра гарыць вогнішча
у начным лесе
у святле мігатлівага полымя
выступаюць дугі сукоў ялін
быццам рэбры на рэнтгенаўскім здымку
лес дыхае ледзьве чутна
дрэмле ў сваім сне
без агню чалавек бы ў ім пачуваўся
зусім трывогай прыгнечаны
і усе ж мроіцца што
змрок назіркам крадзецца
нястомна трымае вока
на агні і на ягоным ахоўцы
ад гэтага і ты знячэўна ўздрыгваеш
і полымя ўспыхвае нервова
вогнішча нібыта перасаджанае сэрца

* * *
жыць з вачыма блакітнымі
і не горбіцца
хочацца
нават дыму

але дымаходства
ужо з маленства
прывучае яго
вывівацца струменьчыкам

што ўжо казаць
пра сцежку якая
сустрэўшыся з першай купінай
змушана адступіцца
на крок убок
ці што спачуваць ручаю
ці што казаць пра выгінанні духу
ў музычным інструменце
перш чым ён
ператворыцца ў музыку

* * *
спакойна
з годнасцю
манументальна
трымаецца сасновы бор
будаўнічы лес

пасля зімовага лесапавалу
курчацца пні на дзялянцы
як апусцелыя п’едэсталы

чаму нас вучыць дрымучы лес?

вечназялёнаму саманастрою
таму як пражыць жыццё
помнікам самому сабе

* * *
зноў хуткі цягнік ляціць праз ноч
стукат уздрыг
доўгі змрок
у чорным люстэрку голага акна
партрэт пасажыра
цёмны як палатно Рэмбранта
невядомая станцыя якую праскочым без прыпынку
ноч стрэліць у акно вагона
агнямі асветленага перона
зноў імгла
стукат уздрыг
паўсюль час час
час перапоўнены
бясследнымі магіламі думак

* * *
хто можа сцвярджаць што
вецер у верхавінах дрэў нічога не робіць
ужо не кажучы пра дзятла на ствале

хто можа сцвярджаць што
трава нічога не робіць
ужо не кажучы пра мурашак

хто можа сцвярджаць што
страказа нічога не робіць
ужо не кажучы пра мастацтва

мы ўсе нешта робім
мы ўсе робім зямлю

* * *
што ўсё-ткі будзе
калі ўжо не стане нас

нічога
толькі
ў летазлічэнні нашых дзяцей
укараніцца новае паняцце:
калі мама яшчэ была жывая
калі быў жывы бацька

* * *
шпакоўня
быццам паштовая скрынка
заўсёды грудзямі на поўдзень

да Егіпта Персіі Індыі
да вечнага поклічу
да чыстага пабуджэння
да ўшчыну песні

шпакоўня
быццам паштовая скрынка
з гербам улёціны

Аўтар пераклада: 
Рыгор Барадулін
Пакінуць водгук